14 студзеня – 75 гадоў з дня нараджэння Навума Гальпяровіча (1948, г. Полацк), паэта, публіцыста, радыёжурналіста, грамадскага дзеяча.
Навум Якаўлевіч, даволі разважлівы і рэалістычны чалавек з лідарскімі якасцямі, дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё, выяўляе ў сваіх выступленнях шчырыя эмоцыі і перажыванні, піша глыбока лірычныя эсэ і замалёўкі, узнёслыя і рамантычныя вершы. Аднак кранае часам менавіта сваёй памежнай рэалістычнасцю, дакладнасцю яго прозы, аналітыкай. Кнігі вершаў і малой прозы Навума Гальпяровіча “Востраў душы”, “Струна”, “Шляхі і вяртанні”, “Святло ў акне”, “Голас і рэха”, “Гэта ўсё для цябе”, “На трапяткім агні” доказна паказалі наяўнасць цікавага сімбіёзу, а дакладней, балансу, сапраўдна-рэалістычнага і ўзнёслага ў яго творчай свядомасці.
У сваёй паэтычнай майстэрні Навум Гальпяровіч паўстае адмысловым мастаком, які ў межах асобнага твора здатны сказаць пра балючыя катаклізмы часу. Натуральна, што ў такой псіхалагічнай рэмінісцэнцыі вельмі цяжка звязваюцца ў вузел усе сэнсавыя лініі, але лірычны герой паэта, хоць у нечым і супярэчлівы сам сабе, мудра яднае этнічнае і грамадскае ў сутнасную выснову: прыстойным і сумленным чалавекам мае права называцца толькі той, хто за ўсё і за ўсіх адчувае сваю віну.
У ДУА «Сярэдняя школа № 21 г.Магілёва» прайшлі інфармацыйныя гадзіны з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння Навума Гальпяровіча. Вучням былі прапанаваны бібліяграфічныя пляцоўкі, выставы, творы беларускага аўтара шматлікіх цудоўных твораў.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цельпухоўская Ірына Уладзіміраўна