Максім Гарэцкі

Максім Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік вуснай народнай творчасці.

Нарадзіўся М. Гарэцкі 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне. У Максіма рана абудзілася любоў да мастацкага слова. Знаёмства з творамі класікаў рускай і ўкраінскай літаратур, беларускіх пісьменнікаў адыграла значную ролю ў станаўленні светапогляду будучага літаратара. У 1912 годзе ў газеце «Наша ніва», якая выдавалася ў Вільні, пачалі з’яўляцца карэспандэнцыі, допісы, нататкі Гарэцкага, а 25 студзеня 1913 года там жа пад псеўданімам Максім Беларус было апублікавана яго першае апавяданне «У лазні».

М. Гарэцкі таксама склаў некалькі беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў. Збіраў беларускі фальклор, перакладаў з польскай, рускай, старажытнарускай моў («Слова аб палку Ігаравым»). Творы Гарэцкага перакладзены на балгарскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую і ўкраінскую мовы.

Яго імем названы бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У Мінску і Вязьме класіку беларускай літаратуры пастаўлены помнікі. Вобраз Максіма Гарэцкага ўвасоблены ў дакументальных стужках. Яго творчасць знаходзіцца пад пільнай увагай літаратуразнаўцаў. Рэгулярна арганізуюцца Гарэцкія чытанні, выдаюцца яго творы. Літаратурны талент Максіма Гарэцкага прызнаны ва ўсім свеце. Культурнай грамадскасцю шырока адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніка, у тым ліку і ў рамках ЮНЕСКА.

Максім Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. Крэда ўсяго жыцця пісьменніка заключана ў яго ж словах: “Ахвярую сваім “я” ва ймя святога ўсім нам Адраджэння”. Так ён і жыў, адзін з найлепшых сыноў Беларусі.

У ДУА «Сярэдняя школа № 21 г.Магілёва» прайшлі інфармацыйныя гадзіны з нагоды 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Вучням былі прапанаваны бібліяграфічныя пляцоўкі, выставы, прэзентацыі, цудоўныя творы беларускага аўтара.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цельпухоўская Ірына Уладзіміраўна