Да 75- годдзя з дня нараджэння Генадзя Пашкова

23 сакавіка 2023 года спаўняецца 75 гадоў беларускаму паэту, перакладчыку, публіцысту Генадзю Пятровічу Пашкову.

Генадзь Пашкоў — адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў паэтычнага пакалення, якія пачыналі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Толькі вершаваных зборнікаў ён выдаў звыш дзясятка. У тым ліку “Кляновік”, “Дыстанцыя небяспекі”, “Маналог ля кастрышча”, “Журавінавы востраў”, “Тваім святлом благаславёны”, “Званы юнацтва”, “Зямлю слухаю”…

Нарадзіўся паэт 23 сакавіка 1948 года ў вёсцы Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачых. Скончыў Войстамскую сярэднюю школу, потым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Пачаў друкавацца з 1967 года. Першыя творы Г. Пашкова пабачылі свет у калектыўным зборніку маладых універсітэцкіх паэтаў «Узлёт».

Народны паэт Беларусі П. Панчанка, прадстаўляючы Г. Пашкова чытачам газеты «Комсомольская правда», падкрэсліў, што «ён увайшоў у беларускую паэзію молада і ўпэўнена. Усе заўважылі яго звонкі, чысты голас, поўны захаплення цяжкім і складаным, але такім цудоўным жыццём». I сапраўды, молада-акрылена заявіў пра сябе Г. Пашкоў першай паэтычнай кнігай з мілагучнай, салодкай назвай «Кляновік» (1975). Любоў да роднай зямлі, жаданне глыбей спазнаць свой край, яго таемную прыроду – першааснова твораў паэта.

Акрамя творчай дзейнасці Г. Пашкоў працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё, потым – у часопісе «Полымя», быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Тэатральная Беларусь», рэдагаваў «Цэнтральную газету», працаваў дырэктарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», займаў пасаду першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У ДУА «Сярэдняя школа № 21 г.Магілёва» прайшлі інфармацыйныя гадзіны з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння Генадзя Пашкова. Вучням былі прапанаваны бібліяграфічныя пляцоўкі, выставы, прэзентацыі, цудоўныя творы беларускага аўтара.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цельпухоўская Ірына Уладзіміраўна