
Мар’ян Дукса, беларускі празаік і паэт, нарадзіўся 5 красавiка 1943 года на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна Мiнскай вобласці, у сялянскай сям’і.
Першая кніга паэта – “Спатканне” – выйшла з друку ў 1967 г. І спатканне было невыпадковым, бо адчувалася, што ў паэзію прыйшоў новы таленавіты творца.
Мар’ян Мікалаевіч – паэт лірычнага складу. Маладосць, каханне, хараство Радзімы, дынамічныя працэсы сучаснасці – асноўныя матывы яго паэзіі. Аўтар вельмі чуйны да роднай прыроды. Усё яго жыццё звязана з вёскай, яму вядомы штодзённыя трывогі і клопаты простага селяніна. Пра сябе ён пісаў: “У вершах мне хацелася сказаць людзям штосьці важнае”.
Паэт у нястомным пошуку новых тэм: звяртаўся да чарнобыльскай трагедыі; пісаў для дзяцей, бо доўгі час працаваў настаўнікам. Мар’ян Дукса шмат пісаў твораў хрысціянскай накіраванасці, усё больш схіляўся да аналізу маральна-духоўных каштоўнасцей жыцця.
Выйшлі зборнікі паэзіі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989) i iншыя. Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).
Мар’ян Мікалаевіч з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі Саюза пiсьменнiкаў Беларусi імя А.Куляшова (1990) за кнігу вершаў і паэм «Заснежаныя ягады», Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Беларусi (2016) за кнігу вершаў «Птушка вечнасцi-Душа». Узнагароджаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі за вялікі ўклад у літаратуру.
Вершы Мар’яна Дуксы перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую мовы.
У ДУА «Сярэдняя школа № 21 г.Магілёва» прайшлі інфармацыйныя гадзіны з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Мар’яна Мікалаевіча Дуксы. Вучням былі прапанаваны бібліяграфічныя пляцоўкі, выставы, прэзентацыі, цудоўныя творы беларускага аўтара.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цельпухоўская Ірына Уладзіміраўна