Родная мова, цудоўная мова

Адкрываю, як свет, нанова
беларускае роднае слова,
пералівістае – як каменьчык,
вясёлкавае – як ручэй,
цёплае – як агеньчык
добрых тваіх вачэй.
А. Канапелька.

21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Беларусы адзначаюць яго, як дзень нашай роднай беларускай мовы. Мы можам ганарыцца прыгажосцю нашай сінявокай краіны, але, кажучы аб прыгажосці прыроды, трэба казаць пра сакавітасць, спеўнасць нашай мовы. Беларуская мова прызнаная ЮНЕСКА другой у свеце па мілагучнасці пасля італьянскай.

Да гэтага свята у школьнай бібліятэцы былі разгорнуты выставы “Атрымай асалоду ад чытання”, “Лепшыя кнігі з краіны Маленства”, “21 лютага – Міжнародны Дзень роднай мовы”. Вучні 3 “Г” класа адправіліся ў “Вандроўку па краіне Мовазнавіі” разам з класным кіраўніком Лазюк Вольгай Васільеўнай. Дзеці чыталі верш Уладзіміра Карызны “Роднае слова”, адгадвалі загадкі, складалі прыказкі, глядзелі мультыплікацыйны фільм “Піліпка” паводле беларускай народнай казкі “Піліпка – сынок”, слухалі песню “Гаворка беларуская” у выкананні ансамбля “Радзімічы”. Беларуская мова вобразная, мілагучная, спеўная. Яна – вялікі і бясцэнны скарб нашага народа. Для таго, каб родная мова жыла і атрымала далейшае развіццё, яе трэба вывучаць, ведаць, шанаваць, берагчы, як самую дарагую спадчыну нашых продкаў.

Бібліятэкар І. А. Германовіч