Ніводнае свята не абыходзіцца без цукерак – салодкіх, бясконца розных па выглядзе, густу і кошце, але аднолькава любімых не толькі дзецьмі, але і дарослымі. З самага ранняга дзяцінства ўсе ўлюбляюцца ў гэты цуд, прыдуманы чалавекам яшчэ шмат стагоддзяў таму.
З цукеркамі мы сустракаемся амаль паўсядзённа, хоць яны і не з’яўляюцца прадметам першай неабходнасці. Выбіраем іх у магазіне або атрымліваем у падарунак. І кожны раз, калі трымаем у руках гэты салодкі папулярны антыдэпрэсант, абавязкова звяртаем увагу на стракатую абгортку, якая прыцягвае ўвагу, і на цікавую назву, якую ўважліва вывучаем. Што хавае яна? Сакрэтам назваў цукерак было прысвечана незвычайнае мерапрыемства, якое прайшло ў чацвер, 19 студзеня, сярод вучняў 5”А” класа.
Пачалося яно з цікавага выступлення Пуцікавай Ганны пра назвы беларускіх цукерак. Вучаніца праводзіла даследаванне па тэме “Сакрэты беларускамоўных назваў цукерак”, дзе акрэсліла, што кандытарскія фабрыкі “Камунарка”,”Спартак” і “Чырвоны харчавік” выпускаюць даволі мала цукерак з назвамі на беларускай мове. Ганна прааналізавала назвы цукерак і раскрыла сакрэт такіх назваў.
Далей вучні прапаноўвалі свае праекты назваў цукерак на беларускай мове, сярод якіх былі такія: “Толькі дзецям”, “Белая ружа”, “Незвычайнае падарожжа”, “Сакрэт поспеху” і інш. Таксама прадставілі цікавыя абгорткі да цукерак.
Мерапрыемства садзейнічала пашырэнню сферы выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці і цікавасці да роднай мовы.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Адзіянава Ірына Алегаўна