Арт-занятак па вырабе кніжнай закладкі

Мы, чытачы, часта ўжываем кніжныя закладкі. Для чаго? Каб не забыць апошні прачытаны радок і лёгка адшукаць яго, каб не пашкодзіць пры гэтым старонку кнігі. І не ведаем пра тое, што кніжныя закладкі з’явіліся амаль адначасова з кнігамі і сталі іх спадарожнікамі. У мінулыя стагоддзі выкарыстанне закладкі было абавязковым і лічылася істотным элементам культуры чытання. І ў наш час абысціся без закладкі складана. Большую частку закладак робяць з паперы. Мы выбіраем іх на свой густ і ўкладваем на старонку любімай кнігі, часопіса або дзённіка.

А вось у чацвер, 16 лістапада,  навучэнцы 5 “А” і 5 “Д” класаў самі выраблялі так званыя “аўтарскія” закладкі з паперы. А натхнялі пяцікласнікаў для стварэння гэтых незвычайных вырабаў творы вуснай народнай творчасці: казкі, легенды, паданні, загадкі, прыказкі. З імі адбывалася знаёмства на ўроках беларускай літаратуры. Таму любімыя героі і матывы фальклорных твораў увасобіліся на вучнёўскіх папяровых закладках. Такі від дзейнасці спадабаўся ўсім. Малюючы, пяцікласнікі спрачаліся, успаміналі сюжэты твораў, любімых герояў, давалі ім характарыстыку, а таксама загадвалі загадкі, разгадвалі іх, малявалі адгадкі і жартавалі. Настрой быў цудоўны. Вынік творчай працы можна пакласці ў падручнік ці дзённік, падарыць каму-небудзь, адным словам, скарыстаць, а гэта значыць, захаваць культуру чытання і памяць аб творах вуснай народнай творчасці.

Настаўнік бел. мовы І.М.Алёхна