Прысвечана першадрукару…

Сёння чацвер,  і зноў у нашай школе гучыць: ”Размаўляй са мной па-беларуску!” Вучні 8 Д класа з задавальненнем прынялі ўздел у вусным часопісе “Як да нас прыйшла кніга”.

Тут любоў, мілата, праўда, мудрая дасканаласць,
тут сапраўдная вернасць, ад сэрца адданасць.
Кожны звычай, што славай цябе надзяляе, як з крыніцы, адсюль выцякае.

Першая старонка часопіса была прысвечана рукапісным кнігам. Іх паходжанне вядзецца ад надпісаў, якія нашы продкі рабілі на каменнях, дрэве, папірусе, гліне, бронзе, бяросце. Так, старажытнейшыя з егіпецкіх папірусаў адносяцца да XXV ст. да н.э. У II-III ст.  н.э. для перапіскі кніг сталі карыстацца пергаментам – спецыяльна апрацаванай цялячай шкурай. Нарэшце кітайцы вынайшлі паперу, і паступова з XIV стагоддзя сталі  яе сталі выкарыстоўваць яе для пісьма.

“Гартаючы” часопіс далей, вучні даведаліся пра формы кніг. У старажытнасці былі вядомы дзве асноўныя формы: кніга – світак і кодэкс – некалькі пласцін ці лістоў, якія злучаны ў блок. Кнігі ў тым выглядзе, у якім мы іх ведаем сёння, з’явіліся толькі ў Сярэднявеччы.

Наступная старонка часопіса была прысвечана пачынальніку кнігадрукавання сярод усходніх славян — Францыску Скарыне.

Скарынам выдадзена каля 25 розных найменняў кніг. Ён зрабіў першы друкаваны, ілюстраваны, навучальна-асветніцкі пераклад асноўнай часткі Бібліі на мову, набліжаную да старабеларускай. Выдаючы паасобку кнігі Старога Запавету, друкар аздабляў іх тытульнымі лістамі, гравюрамі, мастацкімі застаўкамі перад тэкстам, віньеткамі, загалоўнымі літарамі – ініцыяламі. Ён рабіў усё, каб кніга была даступнай і зразумелай простаму чытачу: упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі падзяліў радок на словы, а сам тэкст – на абзацы. Асаблівае месца сярод ілюстрацый скарынаўскіх кніг займае тройчы выкананы гравюра-партрэт самаго першадрукара – рэч нечуваная на тыя часы!

І напрыканцы васьмікласнікі прачыталі вершы, прысвечаныя славутаму земляку.

***

Будучыня Беларусі —
старажытныя кнігі Скарыны.
Натхненне і талент нашчадкаў
у вобразах вершаў Скарыны…
І не малее запас
з умалоту Скарынавых думак.
І як бы тут ні прыйшлося
адольваць упорысты лёс, —
выйграў нам час Скарына.

Данута Бічэль