20 снежня спаўняецца 75 гадоў з дня выхаду ў свет першага нумара “Настаўніцкай газеты”

Настаўніцкая газета — выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь.

Заснавальнік — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Выдавец — рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Педагагічная прэса»

Выходзіць з 20 снежня 1945 года ў Мінску на беларускай мове (да 1957 года — 1 раз, з 1958 года — 2 разы, з 1998 года — 3 разы на тыдзень).

Выходзіць тры разы на тыдзень (аўторак, чацвер, субота) на 16 палосах. Зрэдку аб’ём газеты павялічваецца да 24 ці 32 палос.

Тыраж — каля 30 000 экзэмпляраў.

Рашэнне аб стварэнні “Настаўніцкай газеты” было прынята на бюро ЦК КП(б) Беларусі 4 верасня 1945 года.

Першы нумар выйшаў 20 снежня 1945 года. У 1945 годзе вышла 2 нумары (№ 1 і № 2 за 1945 год), якія ў архівах бібліятэк Рэспублікі Беларусь не захаваліся. Экземпляр №2 за 1945 год захаваўся ў фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (г. Санкт-Пецярбург).

Рэдактарам быў прызначаны педагог па адукацыі, партызан-падпольшчык А. Крушынскі (да 1955 года). У наступныя гады галоўнымі рэдактарамі газеты былі М. Дастанка (1955–1968), І. Сіманоўскі (1968–1979), У. Кузьмянкоў (1979–1984, 1986–1987) А. Куліцкі (1985, 1987–2001), А. Гайдук (2001–2007), В.Кнышаў (2007–2009, выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара).

Галоўнай праблемай, якую на пачатку свайго існавання вырашала “Настаўніцкая газета”, было адраджэнне нацыянальнай школы. Станаўленне выдання адбывалася ва ўмовах пасляваеннага разбурэння матэрыяльна-тэхнічнай базы навукі і культуры Беларусі. Перад грамадствам паўставала вострая неабходнасць аднаўлення народнай адукацыі: будаваліся і пераарганізоўваліся школы, паляпшаўся склад настаўніцкіх кадраў, рашалася пытанне аб падрыхтоўцы высокапрафесійных выкладчыкаў. Разам з тым аднаўлялася і развівалася сярэднеспецыяльная адукацыя, а таксама вышэйшая школа. Развіццё школ, тэхнікумаў, вучылішч і ВНУ краіны пасля акупацыі было ўскладнена тым, што цалкам былі знішчаны падручнікі, навуковыя дапаможнікі, метадычная літаратура для выкладчыкаў. Гэта выявіланеабходнасць стварыць адзіную платформу, якая аб’ядноўвала бы перадавы вопыт пасляваеннага часу. Такой метадычнай базай у 1945 годзе і стала “Настаўніцкая газета”. Аднымі з першым рубрык на той час сталі рубрыкі “Метадычная старонка” і “У дапамогу настаўніку”. Рэдакцыя асвятляла разнастайныя праблемы, выкарыстоўваючы даступныя на той час сродкі (выезд у рэйды, крытычныя матэрыялы, адкрытыя лісты і г.д.).

Першы тыраж выдання склаў дваццаць тысяч асобнікаў, а ў пачатку 1950-х гадоў тыраж выдання складаў ужо 65 тысяч экзэмпляраў.

Сення у склад рэдакцыйнага калектыву ўваходзіць 60 чалавек.

Галоўны рэдактар — Вадзім Аляксандравіч Кнышаў (з 2009 года).

Працуе сетка ўласных карэспандэнтаў ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь.

Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні педагагічнай навукі і практыкі, аналізуе развіццё педагагічнай думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадукацыйнай школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.

Газета мае шэраг штомесячных дадаткаў: «Партфоліа», «Абітурыент», «Сацыяльны ракурс», «Шосты дзень», «Адукацыя: дакументы і каментарыі», «Утульная хатка», «Рэй» (выходзіў да 2020 года), «Форум», «Адукацыйная прастора».

Да асаблівых дат і мерапрыемстваў выходзяць спецвыпускі.

Узнагароды:

2011 год — Пераможца VII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне»

2015 год — Пераможца XI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Ліцера» ў намінацыі «Лепшае галіновае выданне».

Па матэрыялах Вікіпедыі падрыхтавала бібліятэкар І. А. Германовіч.