Да 75- годдзя з дня нараджэння Алеся Разанава

Алесь Сцяпанавіч Разанаў (5 снежня 1947, в. Сялец, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць — 26 жніўня 2021)

Аляксандр Сцяпанавіч Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1947 годзе. Схільнасць да паэтычнай творчасці ў хлопчыка праявілася вельмі рана. З шостага класа ён пачаў друкавацца ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк камунізму» і ў рэспубліканскім часопісе «Бярозка».

Выбар жыццёвага шляху не выклікаў у Алеся асаблівых роздумаў. Пасля заканчэння з сярэбраным медалём Сялецкай сярэдняй школы юнак паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыць вядучую навучальную ўстанову рэспублікі А. Разанаву не давялося: зімой 1969 года ён быў адлічаны з універсітэта за падрыхтоўку калектыўнага звароту да кіраўніцтва краіны з просьбай дазволіць выкладаць дысцыпліны на беларускім аддзяленні на роднай мове.

Дзякуючы намаганням народнага паэта Максіма Танка, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, А. Разанаву дазволілі працягнуць вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

У 1970 годзе юнак скончыў Брэсцкі педінстытут і паехаў настаўнічаць у Кругельскую сярэднюю школу Камянецкага раёна. Год працы ў Кругелі быў надзвычай плённым: дзякуючы настаўніку да мастацкай творчасці далучыліся многія вучні, якія ўтварылі літаратурную суполку, выпускалі насценную газету.

Імя Алеся Разанава з’яўляецца адметным сімвалам сучаснай беларускай паэзіі, паказчыкам яе высокага ўзроўню развіцця, узорам няспынных пошукаў глыбокай змястоўнасці і фармальнай арыгінальнасці. Алесь Разанаў узмацніў інтэлектуальна-філасофскую накіраванасць нашай паэзіі, узбагаціў яе жанрава-відавую разнастайнасць, садзейнічаў уключэнню нацыянальнага прыгожага пісьменства ў сучасны сусветны літаратурны працэс.

У ДУА «Сярэдняя школа № 21 г.Магілёва»  прайшлі інфармацыйныя гадзіны з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння Алеся Разанава. Вучням былі прапанаваны бібліяграфічныя пляцоўкі, выставы, творы вядомага беларускага аўтара шматлікіх цудоўных твораў.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Цельпухоўская Ірына Уладзіміраўна