“Добры дзень, салдат!”

З мэтай грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў, фарміравання ў іх асэнсавання значэння і ролі ваеннаслужачых Рэспублікі Беларусь упраўленнем па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама сумесна з ваенным камісарыятам у межах дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №21 г. Магілёва” праводзілася  гарадская акцыя «Навагодняе прывітанне Абаронцу». Ідэя акцыі – накіраванне віншавальных лістоў да ваеннаслужачых, якія зараз выконваюць свой воінскі абавязак.

“Добры дзень, салдат!” – менавіта такімі словамі пачынаўся кожны такі ліст да ваеннаслужачых. Дзяўчаты 10 “А”, “Б” класаў напоўнілі яго шчырымі словамі віншавання,  словамі падтрымкі і ўдзячнасці, пажадалі поспехаў, вытрымкі, моцнага здароўя, светлай будучыні і навагодняга настрою.

Такое мерапрыемства павінна стаць добрай традыцыяй і ў нашай школе, і ў родным Магілёве.

…Спадзяемся, што ў кожнага салдата, які атрымае такі ліст, з’явіцца шчырая ўсмешка на вуснах, радасць і цеплыня на душы. Ён адчуе сябе яшчэ больш патрэбным і сваёй Радзіме, і гэтай незнаёмай дзяўчыне.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Адзіянава Ірына Алегаўна